Ворагам

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

За што лілася кроў людская?
За што гібеў і гінуў люд?
Гібеў набытак ўсяго краю,
I пакаленняў гінуў труд?

I бег народ, бы ў час паморку,
Закрыўшы вочы, ў белы свет,
I толькі дым ўздымаўся горкі,
Крыжы азначвалі іх след.

А колькі нашых дзетак мілых
Па тых шляхах вайны ляжыць.
Пануе ціш на іх магілах,
I край разбураны маўчыць.

I вы цяпер рукамі ката
Гатовы згоду дараваць?
Але ці можна у вас брата,
Скажэце, каіны, прызнаць?

Вам не па сіле груз цяжэрны
Вайны, што самі вы ўзнялі,
Знішчэнне, мах яе бязмерны,
Згінота цяжкая зямлі!

Не вы дасце народам свята,
Не вам пажар вайны заліць!
Дык рукі прэч, забойцы, каты!
Не вам аб згодзе гаварыць!

Думкі салдата

Сярэдняя: 5 (8 галасоў)

Разлучыўся салдат з сваёй роднай сям'ёй,
Развітаўся ён з домам сваім.
Знае лес баравы, дзе дыбаў ён ступой,
Што за думкі віліся над ім.

Замірала душа, млела сэрца яго,
Засцілаліся вочы слязьмі.
Кінуў жонку адну і дзяцей... на каго?
Хоць ты з жалю разбіся вазьмі.

Разважае бядак, дом не йдзе з галавы,
Пахілілася з гора яна.
I здавалася, з ім плакаў лес баравы,
Быццам думка была ў іх адна.

У нязнанай далі мы дажджэмся чаго?
Прападзеш, бы й на свеце не жыў.
I не скажа ніхто, дзе магіла яго,
Дзе ён косці свае палажыў.

Скрозь прагалін лясоў былі хмаркі відны,
Ў сінім небе іх нікла руно.
I здавалася, з ім смуткавалі яны,
Як бы гора было ў іх адно.

Эх, за што? Ну, за што, адкажэце вы мне,
Я павінен другіх зніштажаць
Ці калечыць сябе ў гэтай дзікай вайне
I пад кулі свой лоб падстаўляць?

Вы, што селі ўгары, як вас, каты, назваць?
Не шкада вам нявінных людцоў.
Самадурства сваё вы гатовы купляць
Міліёнамі нашых галоў!

На рэчцы

Яшчэ не ацэнена

У бераг высокі, дзе лозы растуць,
За хвалямі хвалі бягуць,

I ўсхліпвае рэчка ў пясках залатых,
Як маці па дзецях сваіх.

I ў беразе вербы злучаюць свой сум
У гэты нярадасны шум.

I неба маркотна, і хмары плывуць,
Іх слёзы на землю цякуць...

Прыбіты вадою на срэбраны гак,
Ляжыць невядомы бядак,

Ваяка-салдацік ад дому ўдалі...
Яму не знайшлося зямлі!

Эх ты, небарака! То, знаць, па табе
Усё вецер сумуе ў вярбе,

I рэчка у хвалях-жалобе бяжыць,
I смутак імглісты ляжыць...

Ды рэчка заціхне, і вецер засне,
I ласкаю неба зірне,

I ўсё супачыне, спазнае час свой.
А людзям ці будзе спакой?

Музей Якуба Коласа

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі