Думкі салдата

Сярэдняя: 5 (8 галасоў)

Разлучыўся салдат з сваёй роднай сям'ёй,
Развітаўся ён з домам сваім.
Знае лес баравы, дзе дыбаў ён ступой,
Што за думкі віліся над ім.

Замірала душа, млела сэрца яго,
Засцілаліся вочы слязьмі.
Кінуў жонку адну і дзяцей... на каго?
Хоць ты з жалю разбіся вазьмі.

Разважае бядак, дом не йдзе з галавы,
Пахілілася з гора яна.
I здавалася, з ім плакаў лес баравы,
Быццам думка была ў іх адна.

У нязнанай далі мы дажджэмся чаго?
Прападзеш, бы й на свеце не жыў.
I не скажа ніхто, дзе магіла яго,
Дзе ён косці свае палажыў.

Скрозь прагалін лясоў былі хмаркі відны,
Ў сінім небе іх нікла руно.
I здавалася, з ім смуткавалі яны,
Як бы гора было ў іх адно.

Эх, за што? Ну, за што, адкажэце вы мне,
Я павінен другіх зніштажаць
Ці калечыць сябе ў гэтай дзікай вайне
I пад кулі свой лоб падстаўляць?

Вы, што селі ўгары, як вас, каты, назваць?
Не шкада вам нявінных людцоў.
Самадурства сваё вы гатовы купляць
Міліёнамі нашых галоў!

Музей Якуба Коласа

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі