Ні буры, ні віхры, ні чорныя годы
Яго не здалелі;
У сказах-былінах, у думах народа
Жыве Руставелі.
У чыстых крыніцах натхнёнага слова,
У песеннай трэлі,
Для вечнасці, спетай баянам сурова,
Жыве Руставелі.
У ясных зарніцах пяснярскага дару,
Што ў далях ірдзелі,
У гуках дзівосных, у казачных чарах
Жыве Руставелі.
У строфах пра «Віцязя ў тыгравай шкуры»,
Якіх шчэ не мелі,
У вобразах яркіх, ярчэй ад лазуры,
Жыве Руставелі.
У светлых імкненнях, чым сэрца людское
Гарыць і гарэла,
У шуме змагання, у цішах спакою
Жыве Руставелі.
Цудоўныя струны у Грузіі роднай
Даўно празвінелі,
Пад сонцам савецкім народам свабодным
Расцвіў Руставелі.
Апошнiя водгукi
12 недель 5 дней назад
44 недели 4 дня назад
51 неделя 3 дня назад
1 год 1 неделя назад