Крылаты вандроўнік, стары журавель,
Сяброў у дарогу таропіць, —
Пад холадам моўкнуць прасторы зямель
I стынуць утульныя топі.
З патайных зацішкаў, з бязлюдных балот
Злятаюцца вольныя птахі.
На поўдзень, у вырай, імкне іх палёт
Пад ясным бяскроквавым дахам.
Завісае над імі бяздонны абшар,
Дзе свецяцца вечныя зоры,
Пад імі гуляе, бушуе пажар,
У цемры свідруе пячоры.
У бляску крывавым руіны тырчаць,
Як чорныя цені-манахі.
Крылатыя госці пужліва крычаць,
Трывожацца вольныя птахі.
— Эй, чуеш? Спыніся, спыніся, стары!
Ці тою вядзеш ты дарогай?
Глядзі — агнявыя там круцяць віры,
Іскрыстым падняўшыся стогам.
Ніколі на нашай дарозе раней
Такой не бывала праявы,
I ночы, глянь, сталі цямней і страшней,
Патоптаны нівы і травы.
Жахаюць зарніцы агнёў на зямлі,
I сыплюцца дрэвы пад громам,
Без голек, як трупы, маячаць камлі —
Спыніся, бо край невядомы.
— Не бойцеся, птахі! Наперад за мной!
Стары журавель ім гукае:
— Вяду вас пуцінаю вернай адной,
Што Млечны мне Шлях асвятляе.
Не мы, гэта людзі з дарогі сышлі,
Не мы, а яны заблудзілі.
Разбойніку цесна заўжды на зямлі —
Старыя спрадвечныя былі.
Наперад, наперад у вырай, за мной,
Ды крыллі ямчэй разгарнеце!
Свой кут прывітаем мы новай вясной —
Для вольных і воля на свеце.
I далей на поўдзень ляцяць жураўлі,
Над імі калышуцца зоры,
Пад імі — пажары, пакуты зямлі
I гора, вялікае гора.
Апошнiя водгукi
4 года 9 недель назад
6 лет 33 недели назад
6 лет 38 недель назад
7 лет 28 недель назад
7 лет 35 недель назад
7 лет 43 недели назад
7 лет 47 недель назад
8 лет 6 недель назад
8 лет 16 недель назад
8 лет 32 недели назад