Вільготны змрок спаўзае на лугі,
I гасне захаду журботная усмешка.
Паволі ноч у полагу смугі
Зямлі і неба засціць берагі
I туліцца ў траве знямелага узмежка.
Так боязна знікае краявід,
Хаваецца ў імгле пад наміткай цямранай
Разложыстых дубоў шырокі шчыт
Маўлівасцю трывожна апавіт,
I вее парнасцю над стомленай палянай.
Прыцішыўся спалохана абшар,
I толькі птушка дзесь скаголіць на балоце.
А з поўдзеня ўстае грамада хмар,
Паблісквае клубясты іх гушчар,
Гарыць і грозіцца ў агністай пазалоце.
Такі спакой вакол, і трудна мне
Адвесці зрок ад хмар, дзе ўспыхваюць зарніцы
Як быццам там, у нейкім цёмным дне,
Хтось збудзіцца на міг, на свет зірне
Прываблівым узлётам таямніцы.
Я зачарованы маўчу, стаю
У чарах цішыні і чарамі сагрэты,
I ў тон адзін з зямлёю я пяю,
I кожны міг сябе я пазнаю
Часцінкай злітаю вялікага сусвету.
Апошнiя водгукi
1 неделя 1 день назад
5 недель 1 день назад
10 недель 3 дня назад
24 недели 6 дней назад
1 год 4 недели назад
1 год 11 недель назад
1 год 13 недель назад