Я зноў жыву ад горада ўдалі,
Дзе я знайшоў куток у сваім гусце.
I весела мне робіцца, калі
Я ў мыслях зноў прайдуся па зямлі,
Дзе туліцца закінутае Вусце.
Няхай сабе пясчаны гэты кут,
Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай.
Ды мілы ён, прыветны яго люд,
Так ласкава глядзяць узгоркі, груд
У вопратках расліны адмысловай.
А гэтыя бародкі-хвайнякі
I жоўць пяскоў на сонечным угрэве!
У летнія гарачыя дзянькі
Смалісты пах разносіцца такі,
Што п'еш яго у ветраным павеве.
Якія там чароўныя лясы
З дарожкамі і сцежкамі між сосен!
I колькі ў іх спакою і красы!
I колькі там наткалі верасы,
Гваздзіка белая дыванаў сваіх, кросен!
Прыпынішся у зацішку адзін,
Ваколіцы акідваеш вачамі:
Струменіцца цяплынь з лясоў, з далін,
I тонкая смуга свой лёгкі тын
За Свіслаччу стаўляе над палямі.
Жыве, дрыжыць, хвалюецца прастор,
I кожнае стварэнне робіць штосьці:
Капошацца мурашкі каля нор,
Дзе коўрыкі развешвае чабор
Ды пчол к сабе заваблівае ў госці.
Пад горкаю, бы срэбраны равок,
Паблісквае на сонцы Балачанка.
I хіліць так утульны беражок,
Так добра там, прылёгшы на пясок,
Папесціцца ружовым летнім ранкам!
Як волаты, за рэчкаю дубы
Шатры свае раскінулі над долам.
Зірнеш на іх — гвардзеец з іх любы!
А гордыя вяршаліны-чубы
Не кланяюцца непагадзі чолам.
За Балачанкаю, дзе Блужскі бор
Вясёлую пазіцыю займае,
Адна сасна вартуе касагор,
Над хвойнікам схіліўшы свой убор,
Бы тоіць сум, журбу ў сабе старая.
Нацягнутыя струны цішыні
Разносяць звон крылатага стварэння.
А вось матор загуў у глыбіні,
Блакітнага прастору: нашы дні
У сонечным купаюцца праменні.
Гудзе, імкне над доламі крылан,
Над хатамі вусцянскага пасёлка.
А хаты ўсе — стары, даўнейшы план:
Трухлявая салома і паркан —
Далёкае мінуўшчыны асколкі.
I марам я сваім тут волю дам,
I думаю, што будзе ў нашым краі:
Змятуць калгаснікі драўляны хлам,
Я новыя катэджы ўбачу сам,
I Вусця я на Бадэн не змяняю.
Апошнiя водгукi
4 года 9 недель назад
6 лет 33 недели назад
6 лет 38 недель назад
7 лет 28 недель назад
7 лет 35 недель назад
7 лет 43 недели назад
7 лет 47 недель назад
8 лет 6 недель назад
8 лет 16 недель назад
8 лет 32 недели назад