Першае знаёмства
Помню, помню тую ночку!
Не забуду я той час.
Пеў салоўка у садочку,
Зор цягнуўся ў небе пас.
Выплыў месяц круглы, поўны,
Падрумянены, як блін.
Церушыўся мрок бязмоўны,
I п'яніў мяне язмін.
I прыйшла ты нечакана,
Сама, строгая, прыйшла!
I са мною аж да рана
Тую ночку правяла.
Загадала першым дзелам
«Рукі ўгору» мне падняць
Ды кішэні аглядзела,
Нават кіцель мусіў зняць.
Распарола мой сяннік ты,
Развярнула мой бярлог,
I лісты мае ад Вікты
Паляцелі за парог.
Праз увесь час з твайго твару
Не знікала строгасць, злосць,
I, сказаўшы мне слоў пару,
Запытала: «Пашпарт ёсць?»
Ты набрала маіх кніжак
Два партфелі і прыпол.
А каб быць знаёмай бліжай,
Напісала пратакол.
Апошнiя водгукi
1 неделя 1 день назад
5 недель 1 день назад
10 недель 3 дня назад
24 недели 6 дней назад
1 год 4 недели назад
1 год 11 недель назад
1 год 13 недель назад