У 20-я гады талент паэта, разняволены Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыяй, раскрыўся ва ўсю сваю сілу. Адна за адной выходзяць у свет яго кнігі — цэлая бібліятэка іх: «Казкі жыцця», паэтычны зборнік «Водгулле», аповесці «У палескай глушы», «У глыбі Палесся» (першыя дзве часткі трылогіі «На ростанях»), «На прасторах жыцця», празаічныя зборнікі «Першыя крокі», «Крок за крокам», «У ціхай вадзе», «На рубяжы».
З першых жа дзён Савецкай улады Якуб Колас стаў яе шчырым прыхільнікам, і таму ён заклікаў да працы, натхнёна адчуўшы: «Браты! Вялікая дарога чакае нас і родны край». Заклік паэта да працы вынікае з яго пераканання ў тым, што разняволены «народ-уладца» заваяваў права ствараць самому «лад у сваёй гасподзе», на роднай зямлі. Адсюль так пераканаўча, так аптымістычна гучыць заклік паэта:
Святло нясіце — ў мроку дрэмле
Наш мілы край, наш родны кут.
Хай уваскрэснуць нашы землі,
Няхай асветліцца наш люд.
Верш «Да працы!», адкуль узяты гэтыя радкі, быў апублікаваны 21 лістапада 1917 года.
У 20-я гады Якуб Колас прыступіў да працы над вялікай паэмай «На шляхах волі». Яна прысвечана падзеям першай сусветнай вайны, выкрыццю яе антынароднай, бесчалавечнай сутнасці, паказу росту палітычнай і грамадзянскай свядомасці яе ўдзельнікаў. Яна на жаль засталася незакончанай.
У савецкі перыяд, асабліва ў 30-я гады, Якуб Колас у сваёй паэзіі апяваў сацыялістычнае будаўніцтва, прытым не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Савецкай краіне, і ў гэтых адносінах яго творчасць была сугучна агульнай плыні жыпдя, агульнаму патоку літаратурнага развіцця. Словы «паток» і «плынь» ужыты тут невыпадкова, таму што паэт іменна з гэтымі неадольнымі непераможнымі стыхіямі параўкоўваў волю савецкага народа, яго адзінства і згуртаванасць вакол партыі.
Важнае, калі нават не галоўнае месца ў гэты час займаюць у паэта публіцыстычныя вершы-заклікі, вершы-водгукі на тыя ці іншыя праблемы жыцця. Побач з імі мы знойдзем у песняра і вершы-роздумы, вершы-разважанні аб вечных праблемах чалавечага быцця, аб законах жыцця і бясконцым багацці іх праяўленняў. Успомнім у гэтай сувязі тры цесна звязаныя санеты, аб'яднаныя агульным загалоўкам «Наперад!» (1937 г.). Пільна прыглядаючыся да навакольнай рэчаіснасці, паэт у розных з'явах бачыць глыбокі сэнс, які дапамагае яму зразумець законы быцця адзінкавага чалавека і развіцця чалавечага грамадства:
У калавароце няспыннага руху,
У сонцавым ззянні, у блеску расы —
Усюды разліты жыцця галасы,
I многа ў іх сэнсу для чуткага слуху.
Такімі сугучнымі нашым сённяшнім настроям бачацца думкі паэта аб шляхах чалавецтва, мары аб канчатковай перамозе справядлівасці на ўсёй зямлі, аб панаванні праўды, пашырэнні ідэалаў дабра, збліжэнні людзей і народаў:
Ёсць чары-прывабы прастораў наддольных,
Што лучаць бязмежным блакітам краі,
Як родных яшчэ несабранай сям'і...
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Праслаўлена будзе цудоўнае імя
Таго, хто рассуне граніцы зямлі
I мудрасцю праўды краіны абніме.
Паэт славіць імкненне пранікнуць у тайны зямлі і сусвету, у законы, якім падпарадкоўваюцца няспынны рух у часе і прасторы, вечны кругаварот жыцця.
Раджаюцца, гаснуць заранкі і ночы,
Мяняюцца ходы прыліваў і рэк,
I ў часах губляецца голас прарочы.
Адзначан для кожнай істоты свой век.
Жыццё ж безупынна ўсё крочыць і крочыць,
А разам з ім — вечны юнак-чалавек.
Так сцвярджаецца неабходнасць улавіць дапытлівым позіркам, сэрцам і розумам глыбінны сэнс усяго руху і развіцця як важнейшай асаблівасці існавання зямлі, непазбежнага абнаўлення ўсіх форм жыцця, яго няспыннага руху наперад і наперад.
У цэнтры ўвагі Якуба Коласа, як і ўсёй беларускай ды і ўсёй савецкай паэзіі наогул, былі найбольш надзённыя праблемы сучаснасці. Так было ў мірныя часы, так было і ў грозныя дні Вялікай Айчыннай вайны. Калі над Радзімай навісла смяртэльная небяспека, паэт увесь свой талент падпарадкаваў задачы барацьбы супраць азвярэлых захопнікаў, праслаўлення мужных змагароў — франтавікоў і партызан, — гуртавання ўсіх сіл для здзяйснення найвялікшай мэты — вызвалення захопленых ворагам зямель. Свой уклад у справу ўсенароднай барацьбы паэт унёс зборнікамі «Адпомсцім», «Голас зямлі», паэмамі «Суд у лесе», «Адплата», публіцыстычнымі артыкуламі, абмалёўкай пакут роднай зямлі, праслаўленнем мужнасці і самаахвярнасці народа, яго слаўнай Чырвонай Арміі.
Найбольш значным паэтычным дасягненнем Якуба Коласа пасляваеннага часу з'явілася паэма «Рыбакова хата» (1940—1947), прысвечаная ўз'яднанню беларускага народа ў верасні 1939 г. У ёй абмалёўваецца бязрадасны лёс сялян заходнебеларускай вёскі Петрушы ў давераснёўскі перыяд. У зладжанай кампазіцыі паэмы, бездакорнасці рытму і рыфмы, у мастацкасці ўсёй вобразнай сістэмы, у лірычных адступленнях і пейзажных замалёўках яшчэ раз вызначылася высокая паэтычная культура аўтара.
Цэлых пяцьдзесят гадоў працягвалася нястомная творчасць народнага песняра. За гэты час нямала зведаў і перажыў Якуб Колас. Праца ў школе і зняволенне ў астрозе, вандроўкі па Беларусі ў мэтах пошукаў прыстанішча і новы этап настаўніцкай дзейнасці, служба ў царскай арміі ў час першай сусветнай вайны і праца на Куршчыне, галодныя і халодныя дні ў перыяд грамадзянскай вайны. Затым — кіпучая дзейнасць на разняволенай ніве беларускай літаратуры, культуры, народнай асветы і навукі ў паслякастрычніцкую эпоху, радасць небывалых творчых здзяйсненняў, а затым новыя пакуты ў Вялікую Айчынную вайну, якая адарвала яго ад родных мясцін, прынесла такое гора ўсяму народу, а ў самога песняра забрала сына. I апошні этап — пасля вызвалення і вяртання ў родны Мінск да сваёй працы і творчасці, да актыўнага ўдзелу ў адраджэнні роднай Беларусі з руін і папялішчаў.
Апошнiя водгукi
4 года 9 недель назад
6 лет 33 недели назад
6 лет 38 недель назад
7 лет 28 недель назад
7 лет 35 недель назад
7 лет 43 недели назад
7 лет 47 недель назад
8 лет 6 недель назад
8 лет 16 недель назад
8 лет 32 недели назад