I
У мантыі лёгкай з празрыстай сінечы
Узносіцца ў неба магутны Чымган.
На ім спачывае халодны туман,
I хмары кладуцца на крэпкія плечы.
Як нейкі ўладар, незлічона багаты,
У розных адзеннях красуецца ён:
Дае яму сонца і колер, і тон,
Ткуць зоры і месяц яму свае шаты.
Суровы, маўклівы, як хорам спрадвечны,
Скалістыя вежы раскінуў Чымган,
Дзе непатрывожаны беркут-крылан
Адзін аглядае прастор бесканечны.
Я ў мыслях узношуся вышай Чымгана,
Туды, дзе звісае бяздонны блакіт,
Дзе свет ва ўсе бокі шырока адкрыт,
I ў мыслях гляджу я на край свой каханы.
Чымганскія высі напоўнены мірам,
На горах заснуў першабытны спакой,
А ў беднай краіне гаротнай маёй
Кроў, гора і слёзы расходзяцца вірам.
Эх, горы і скалы, даліны і кручы
I ты, нерухомы, магутны Чымган!
Не злечыце сэрца майго вы ад ран
I боль мой не сцішыце, едкі, пякучы.
II
Стаіць нерухома Чымган сівагрывы,
Як волат, рассунуўшы плечы.
Па схілах вандруюць святла пералівы,
Струменяцца з яснай далечы.
Унізе Чымганка шуміць, не сціхае
У жолабе вузкім каменным,
Гудзе аднатонна, і песня глухая
Даносіцца спевам нязменным.
Па скатах пажоўклых узгор'яў Чымгана
Няўцямна штось шэпчуць арыкі,
А хоры цыкад усю ноч аж да рана
Чымган услаўляюць вялікі.
Калі ж над гарамі ў жалобнай адзежы
Ноч госцяю ляжа нязванай
I знізіць і горы, і выступы-вежы,
Прыкрыўшы іх чорнай сутанай, —
Тады запалае нябёсаў скляпенне,
Гірляндамі зор загарыцца,
Разгорнецца неба ў дзівосным адзенні,
Бы хочацца небу маліцца.
Спакой урачысты, прыглушаны гукі,
А неба ўсё — рух, трапятанне.
I голас змаўкае штодзённай дакукі
Прад веліччу зорнага ззяння.
А скоціцца знічка з бліскучага луга,
Як лісцік з нябеснага гаю,
I я тады ўспомню далёкага друга,
Па кім я так часта ўздыхаю.
Апошнiя водгукi
4 года 9 недель назад
6 лет 33 недели назад
6 лет 38 недель назад
7 лет 28 недель назад
7 лет 35 недель назад
7 лет 43 недели назад
7 лет 47 недель назад
8 лет 6 недель назад
8 лет 16 недель назад
8 лет 32 недели назад