Алегорыя ў паэме «Сымон-музыка»

Яшчэ не ацэнена

У паэме «Сымон-музыка» багата думак, глыбокіх філасофскіх разважанняў, прачулых лірычных адступленняў, алегарычных казак. Гэтыя казкі цесна звязаны з усім ідэйным зместам твора. Так, надтрэснуты звон з'яўляецца сімвалам барацьбіта, які ў няроўным змаганні надарваўся, але не загінуў бясследна, бо «голас праўды згоды не замрэ ў душы ніколі: будзе клікаць ён да волі, будзе ў сэрцы жыць заўсёды, як той вобраз лепшай долі».

У алегарычных казках аб званах і аб непрыкметным, пахіленым набок дубку яшчэ раз сцвярджаецца думка аб надзвычай неспрыяльных умовах для развіцця мастацтва ў свеце, дзе пануюць «злыдні». Казка дае падставу зрабіць вывад, што сіла мастацтва толькі ў сувязі з той глебай, на якой яно ўзрасло. Як дрэва сваімі карэннямі ўваходзіць у зямлю і без яе не можа жыць і развівацца, так і мастацтва, адарванае ад жыцця, ад народа, страціць свой голас, сілу свайго ўздзеяння, грамадскае значэнне. Паказаныя ў паэме адзінокі ліст і адзінокі колас жыта як быццам папярэджваюць апавяданне пра лёс такога ж адзінокага Сымона.

Не ў меншай ступені з лёсам галоўнага героя звязана і казка аб промні сонца. I сувязь паміж блуканнямі музыкі і промня такая ж непасрэдная, як і сувязь паміж лёсам лістка, коласа і юнага скрыпача. Успомнім, што промень не выканаў загаду сонца і спыніўся каля адзінокай хмаркі, каб сагрэць яе сваім цяплом і ласкай.

Прызванне мастака — несці людзям радасць і змагацца за іх шчасце. А ці ж не сустрэлася на шляху Сымона такая ж «хмарка», якая магла б яго прыпыніць у імкненні да вялікай мэты? Ці не нагадвае казка пра сустрэчу промня з хмаркай сцэну сустрэчы Сымона з Ганнай? I ці не мог юны музыка затрымацца ў яе, упершыню ў жыцці адчуўшы чалавечую ласку? I што здарылася б з ім як з музыкам, прызваннем якога было несці людзям «песень дар», калі б ён затрымаўся па дарозе? Успомнім, што думала пра яго Ганна, калі Сымон пайшоў ад яе ў невядомы шлях:

Ці ж было б тут свету мала?
Ён бы й тут быў не чужым.
Папрасіла б яна тату —
Так напэўна б і было, —
Каб яго прыняць у хату
Ці прыстроіць дзе ў сяло...

Каханне да дзяўчыны акрыліла Сымона, але не асляпіла яго, не закрыла перад ім больш шырокай перспектывы. I зусім невыпадкова юны музыка двойчы пакідаў каханую дзяўчыну і накіроўваўся ў свет за сваім прызваннем, за сваёй доляй. Лёс промня паказвае на адзін з магчымых варыянтаў лёсу Сымона. Але мы неаднаразова пераконваемся, што музыку не маглі затрымаць у яго вандроўках і пошуках свайго прызвання ніякія перашкоды.

Пошукі Сымона, яго небывалы лёс як быццам прадвызначалі ці прадказвалі непазбежнасць абуджэкня народа да свядомай дзейнасці, да творчасці, да духоўнага разняволення, непазбежным вынікам якога павінна быць сацыяльная рэвалюцыя. Яе дыханне выразна адчуваецца ў заключнай частцы твора. Праўда, бура мае яшчэ рамантычна ўмоўныя, сацыяльна неакрэсленыя абрысы. Таксама як і вера ў няўхільную перамогу дабра і праўды.

«Сымон-музыка» — адзін, бадай, з найбольш асабістых твораў Якуба Коласа па настроях, пачуццях, па перадачы аўтарскіх перажыванняў. I ў той жа час у ім адчуваецца няўлоўная атмасфера ўспрынятых уражлівай душой паэта павеваў эпохі выспявання сацыяльнай рэвалюцыі. Паэма з'явілася адным з тых твораў, якія праклалі трывалы мост ад нашай дакастрычніцкай літаратуры да літаратуры савецкай.

Музей Якуба Коласа

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі